КАМІТЭ́Т ПА СПРА́ВАХ ЗАХО́ДНІХ ГУБЕРНЯЎ,

вышэйшы дарадчы орган пры цару Мікалаю I для выпрацоўкі законапалажэнняў і мерапрыемстваў па аслабленні польскага і ўмацаванні рус. ўплыву ў адносінах да Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Існаваў у 1831—48. Створаны ў сувязі з паўстаннем 1830—31. Пачаў работу 28.9.1831. На першым пасяджэнні к-та Мікалай I даручыў яму прыняць меры, «каб губерні, ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які для кіравання ў іншых расійскіх губернях існуе». У к-т уваходзілі міністры і вышэйшыя дзярж. саноўнікі. Старшынямі к-та былі старшыні Дзярж. савета і К-та міністраў. Разглядаў праекты адм. і паліт. мерапрыемстваў, якія паступалі ад мін-ваў, губернатараў і ген.-губернатараў і падаваў іх на зацвярджэнне цару. Паводле рэкамендацый к-та на Беларусі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 і ўведзена агульнарас. заканадаўства. ажыццёўлены мерапрыемствы па прадухіленні шляхецкіх выступленняў, у сістэме асветы і дзярж. справаводства польская мова заменена рускай, прымаліся меры па змяншэнні ўплыву каталіцызму. К-т займаўся сял. пытаннем, разглядаў справы аб канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1830—31, пытанні аб адм. уладкаванні краю. Спыніў дзейнасць 31.1.1848, яго функцыі перададзены К-ту міністраў.

У.А.Сосна.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)